English version   |   Русская версия   |   Wersja polska print print
Галоўная старонка

"Гардемарины, вперёд!”, або перспектывы самай глыбокай інтэграцыі...

Пададзены ніжэй матэрыял, рэдакцыі сайту найперш цікавы з гледзішча ўплыву мовы на самавызначэнне асобы і на яе  матывацыі, жаданні бараніць сваю беларускую дзяржаўнасць.

bialkevicz

У Беларусі амаль усё падрыхтавана для таго, каб чарговы раз інтэграваць яе да тэрыторыі ўсходняга палітычнага кангламерата. Можна спрачацца аб шмат якіх фактарах магчымасці такога сцэнару развіцця падзей, але самы галоўны з іх - так бы мовіць, “перспектыўны”, ментальны фактар. Ён палягае ў тым, што насельніцтва ў дастатковай ступені моўна і культурна зрусіфікавана, а таксама палітычна дэмаралізавана, каб пакорліва “змаўчаць” у выніку ўздзеяння знешняй палітычнай сілы.

На гэта часта можна чуць пярэчанні: падчас лукашэнкаўскай пары ўзнік своеасаблівы феномен “рускамоўнага патрыятызму” беларусаў; за час існавання апошніх рэдакцый беларускай дзяржавы (проста пад ціскам самога факту гэтага існавання) ўзмацнілася ўсвядамленне беларусамі сябе, як асобнага народа і г.д.

Усё гэта так і мае месца. Але будзе ўсё яшчэ недастаткова, каб большасць насельніцтва сказала “не” чарговай інкарпарацыі. Нацыянальная самасвядомасць не можа грунтавацца проста на “бзіку”, што я – беларус. Яна павінна мець змест, “начынне”, якога ў сучасных “рускамоўных беларусаў” няма. (Фрагментарныя мроі некаторай іх адукаванай часткі пра нейкіх там Гедымінаў, Вэкээл і Бэнээр [“это партия Пазняка?”] у разлік брацца не могуць.)

Чалавек будзе супрацьстаяць наступу чужынцаў на сваю тэрыторыю толькі тады, калі пачувае гэтую тэрыторыю сваёй; беларусы ж дагэтуль пачуваюць сябе нібыта гасцямі на сваёй зямлі. І самае галоўнае – яны моцна аслабілі (ці не здалі?) галоўны фарпост: мову і культуру – тое, што прымушае чалавека адчуваць повязь спачатку са сваімі бацькамі і дзядамі, а потым – і з усёй краінай. У нас гэтай повязі ўжо няма. Негатыўны сцэнар запраграмаваны на песімістычнай самарэфлексіі: “Мы – амаль разбітая без бою гурба людзей. Засталося проста прыйсці, сашчапіць гэты натоўп у жалеза – і – на галеры.” Мужчынскага супраціву ў гэтакім грамадстве не будзе, бо мужчыны ў прыстасавальніцкіх, пасіўных і песімістычна-апатычных асяродках зазвычай пераўтвараюцца ў рыхлую бясполую рэлятывісцкую масу, якую я называю “бабóідамі”©.

Яшчэ адно пярэчанне можа палягаць у “палітычным самасцверджанні” беларусаў, якое якраз дамінуе ў ідэалогіі сённяшняга ўраду. Прэзідэнт увесь час падкрэслівае свой клопат пра “независимость страны”, маючы на ўвазе найперш незалежнасць дзяржавы, палітычнай структуры, а калі быць больш дакладным, – незалежнасць уласнай, пабудаванай і спраўна наладжанай ім, аўтарытарнай сістэмы. Лукашэнку можна зразумець: яму ёсць што губляць, і, адпаведна, - за што змагацца. Але ці будуць за ягоную сістэму змагацца іншыя? Калі я гляджу на твары людзей, што складаюць нашую палітычную эліту, я чамусьці перакананы: ў ёй няма ніводнага шчыра адданага Лукашэнку чалавека. Яны “прысягнуць на вернасць” любому “ваяводзе”, які прыйдзе сюды з дастаткова настойлівымі мэтамі і пераканальнымі сіламі. Калі ж я ўглядаюся ў вобразы “апазіцыі”, я бачу людзей, якія хочуць нечага лепшага для сябе і сваёй краіны, але, калі іх крыху прыціснуць, лёгка сыходзяць з шляхоў, якія вядуць да гэтага “лепшага”.

“Дзяржаўна-палітычны фактар” - вельмі слабы аргумент у пытанні супрацьстаяння расійскаму экспансіянізму: па-першае, Лукашэнка проста фізічна “не вечны”; па-другое, мы ведаем дзесяткі гістарычных прыкладаў, калі нават самыя моцныя і, здавалася б, непахісныя дзяржаўныя арганізмы беззваротна рассыпаліся ў пыл пад ціскам абставін. Гэта нармалёвы, гістарычна абгрунтаваны, законны працэс.

У дадзеным выпадку “абставіны” вельмі значныя: гэта перманентныя ваенна-палітычныя і дыпламатычныя захады, што на працягу апошніх 300 і нават болей гадоў рабіла і робіць у заходнім накірунку Расійская дзяржава (ў яе розных выданнях) на аснове даволі канкрэтна пастаўленых стратэгічных мэтаў.

http://bialkevicz.livejournal.com/43885.html

малюнак узяты са старонкі: www.nn.by/photos/210907dazh06a.jpg



Тэорыя »  
 

Навіны

© HRAMADZIANIN.ORG 2007 Produced by JMC